ПЕРАМО́ГІ ПЛО́ШЧА ў Віцебску.

Ансамбль плошчы сфарміраваўся ў 1970-я г. (аўтары праекта забудовы арх. А.​Бельскі, В.​Данілаў, З.​Конаш, З.​Озерава, А.​Расейкін, А.​Фрыдман, Ю.​Шпіт, праекта планіроўкі і добраўпарадкавання — А.​Данілава, З.​Даўгяла, Р.​Княжышча, інж.-азеляніцель Л.​Нячай). Прастора прамавугольнай у плане плошчы (380 × 190 м) абмежавана Маскоўскім праспектам, вул. Жасткова і набярэжнай Зах. Дзвіны. Плошча мае функцыян. і арх.-маст. значэнне для грамадскага цэнтра і горада ў цэлым. З’яўляецца цэнтрам вял. новага раёна забудовы, мемар. ансамблем, комплексам абслугоўвання і месцам адпачынку. Своеасаблівае аблічча плошчы ствараецца горадабудаўнічымі і ландшафтнымі ўмовамі, цэласнасцю арх.-маст. задумы, падпарадкаванай тэме Вял. Айч. вайны. Кампазіцыйны цэнтр ансамбля — Помнік вызваліцелям на беразе ракі. У аснове азелянення плошчы ландшафтны прынцып, пераважае зялёны газон з маляўнічымі групамі кустоў і невысокіх дрэў. Ён дапаўняецца «альпійскімі горкамі», групамі натуральнага каменю, дэкар. тэматычнай скульптурай і інш. малымі арх. формамі, у цэнтры — фантан.

А.​А.​Воінаў.

Перамогі плошча ў Віцебску.

т. 12, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)